Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

Навасёлкаўская базавая школа – адна з нямногіх у Гродзенскім раёне, дзе навучанне вядзецца поўнасцю на беларускай мове

Тут па-беларуску размаўляюць не толькі ў Дзень роднай мовы. Гэтая ўстанова адукацыі – адна з нямногіх у Гродзенскім раёне, дзе навучанне вядзецца поўнасцю на беларускай мове. 
 
Гаджэт у дапамогу
 
За пяцідзесяцігадовую гісторыю школы ні разу не ўзнікла жадання перайсці на рускамоўнае навучанне, падкрэслівае дырэктар школы Ала Буглаева. Хоць, заўважае, сёння ў асноўным вучні, іх бацькі і настаўнікі размаўляюць па-руску, нягледзячы на тое, што многія жывуць у вёсцы.  
 
– Мы маем магчымасць удзяляць максімум увагі кожнаму дзіцяці, бо школа невялікая – усяго 32 вучні, класы маленькія – тры-чатыры чалавека. Тым больш, рыхтуючыся да алімпіяд, экзаменаў, мы даём веды на дзвюх мовах,– расказвае Ала Мікалаеўна. –  Калі да нас пераходзяць вучыцца гарадскія дзеці, то адаптуюцца даволі хутка. Каб ім было лягчэй, спачатку яны займаюцца па падручніках на рускай мове. 
 
 
Не вызывае складанасцяў беларуска-моўны адукацыйны працэс і ў настаўнікаў Навасёлкаўскай базавай школы, пераконвае дырэктар. Маладым спецыялістам напачатку бывае цяжка перастроіцца, але дапамагае падтрымка калег, асабліва настаўнікаў беларускай мовы. Ала Буглаева лічыць, што школе пашчасціла, бо гэты прадмет тут выкладаюць сапраўдныя прафесіяналы. 
 
Таццяна Батура працуе ў Навасёлках адзінаццаты год. Найвялікшы плюс у тым, што тут размаўляе на роднай мове не толькі на ўроках.
 
 Гавару с дзецьмі, калегамі і атрымліваю сапраўдную асалоду, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Нават у мэсэнджары з вучнямі гутарым па-беларуску, у іх гэта ўжо ўвайшло ў звычку. 
 
Настаўніца прыкладае шмат намаганняў, каб вучні папаўнялі свой лексічны запас. Так, у школе з’явілася «торбачка перакладчыка», з дапамогай якой школьнікі даведваюцца, як па-беларуску гучаць знаёмыя рускія словы. 
 
Таццяна Аляксандраўна з задавальненнем расказвае пра тое, што ў школе ёсць вучні, якія ахвотна займаюцца навукова-даследчай працай па беларускай мове. Кожны год яны становяцца пераможцамі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Першыя крокі ў навуку». Вось і зараз рыхтуюцца: складаюць унікальны слоўнік тэрмінаў, якія сустракаюцца ў школьнай праграме. 
 
Таццяна Батура імкнецца, каб сучасныя школьнікі ведалі, разумелі і любілі родную мову. Для гэтага пастаянна прыдумвае для іх нешта цікавае, а сваім вопытам дзеліцца з калегамі. Яна адаптуе сучасныя гаджэты да ўрокаў беларускай мовы і літаратуры. Быць у трэндзе дапамагаюць свае дзеці. Таццяна Аляксандраўна, дарэчы, – маці траіх дзяцей. Яна разумее, што ім цікава, і пераносіць гэта на вучняў. Так з’явілася ідэя не проста характарызаваць літаратурных герояў, а апісваць іх, ствараючы кожнаму старонку ў сацыяльных сетках. Вельмі падабаецца школьнікам яшчэ адна наватарская распрацоўка настаўніцы – апісваць персанажа твора з дапамогай смайлікаў і эмодзі ў мэсэнджары. Зараз спрабуць рабіць 3Д ілюстрацыі да твораў з дапамогай папулярнай гульні «Майнкрафт». 
 
 
Не кефір, а кіслае малако
 
Падрымліваць цікавасць школьнікаў да роднай мовы, калі ў паўсядзённым жыцці яны гавораць па-руску, няпроста. Але дзякуючы настаўнікам, апантаным сваім прадметам, гэта атрымліваецца.  
 
Адна з такіх – Людміла Жданюк, педагог з амаль 30-гадовым стажам. Яна выкладае беларускую мову і літаратуру не толькі ў Навасёлкаўскай базавай школе, але і ў гарадской СШ № 16. 
 
 – Зразумела, дзеці, якія вучацца ў беларускамоўнай школе, лепш валодаюць роднай мовай, у іх большы лексічны запас. І гэта лагічна, бо яны сустракацца з ёй на кожным уроку. Больш таго, размаўляюць на перапынках, увесь час практыкуюцца,  – параўноўвае настаўніца. 
 
Дарэчы, дзеліцца назіраннямі Людміла Жданюк, у сучасных дзяцей не выклікае цяжкасцей вывучэнне запазычаных слоў, бо яны прысутнічаюць у  іх лексіконе. Шчыра здзіўляюцца, калі настаўніца расказвае, што у дзяцінстве піла не “кефір”, а кіслае малако, ела не “шніцаль”, а кавалак мяса.   А вось устарэлыя словы дзеці ведаюць не так добра. Людміла Юльеўна імкнецца гэта паправіць, напрыклад, праводзіць заняткі ў гульнёвай форме. Акрамя таго, стварыла ў класе этнаграфічны куточак. Школьнікі з цікавасцю разглядаюць старадаўнія экспанаты: прас, вышыванкі, збаны, глечыкі і іншае. Так яны не толькі дакранаюцца да гісторыі роднага краю, але і пазнаюць беларускае слова.
 
Людміла Жданюк лічыць, што любіць родную мову і паважаць яе павінен кожны жыхар краіны. 
 
Па жаданню
 
Дарэчы, сістэма адукацыі Гродзенскага раёна пабудавана такім чынам, што і ў дзіцячым садку, і ў школе дзеці могуць выбіраць, на якой мове вучыцца, адзначыў намеснік кіраўніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Андрэй Батура. Усе такія запыты задаволены ў поўнай меры. Традыцыйна беларускамоўнымі застаюцца Свіслацкі і Квасоўскі яслі-сады, а таксама Квасоўская, Свіслацкая сярэднія школы, Навасёлкаўская базавая школа.  Адкрыты таксама групы і класы, дзе навучанне вядзецца па-беларуску. Амаль 400 дашкалят займаюцца  ў 20 групах, з іх 137 – у садках горада Скідзеля. У СШ № 2 горада Скідзеля адкрыты клас, а у Верцялішках пажадалі навучацца на беларускай мове ўсяго два вучні, ім пайшлі насустрач. 
 
Андрэй Віктаравіч заўважае, што беларускамоўны адукацыйны працэс не перашкаджае школьнікам добра ведаць школьныя прадметы. У мінулым годзе ўсе выпускнікі беларускамоўнай Свіслацкай сярэдняй  школы паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэтную форму навучання. Прыкладна такія ж поспехі дэманструюць і квасоўскія школьнікі. 
grodroo.by © 2021 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика