Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

Роднаму слову – прызнанне ў любові

З 15 па 21 лютага ў Путрышкаўскай школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У рамках тыдня арганізавана мноства яркіх і запамінальных мерапрыемстваў.

Дэвізам першага дня тыдня беларускай мовы стаў слоган “Роднаму слову – прызнанне ў любові”. Вучні з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі “Валянцінка па-беларуску”, склалі “сэрца” любімых слоў. Гэты дзень яшчэ раз нагадаў, якая цудоўная родная мова, што засталася нам у спадчыну.

У гэтым годзе споўніцца 140 год з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа, менавіта таму другі дзень тыдня ў школе быў прысвечаны славутым майстрам паэтычнага слова. Сваімі творамі яны ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.

На першым паверсе была аформлена выстава “Песняры Беларусі”, дзе размясціліся творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, фотаальбомы і кнігі, якія расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях класікаў. Тут жа адкрыўся і вернісаж малюнкаў па творах Коласа і Купалы “Мой родны кут, як ты мне мілы…”. На перапынках гучалі запісы песень на словы беларускіх песняроў.

Дзяўчаты 7-га класа з задавальненнем правялі аўкцыён “Атрымай дзясятку ад Коласа і Купалы”. Усім жадаючым прапаноўваліся пытанні аб жыцці і творчасці класікаў, і толькі пры правільным і поўным адказе магчыма было атрымаць “10”.

У трэці дзень тыдня навучэнцы 7 класа наведалі “Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Я.Карскага”, дзе сталі ўдзельнікамі літаратурна-пазнавальнага квэста “Сцежкамі Купалы”. Мерапрыемства праходзіла напярэдадні Дня роднай мовы і было прысвечана класіку беларускай літаратуры. Маршрутны ліст інтэлектуальнай гульні ўключаў “Энцыклапедычную”, “Біяграфічную”, “Літаратуразнаўчую”, “Выдавецкую”, “Геральдычную” і нават “Піяр-праектную” станцыі. Удзельнікам трэба было знайсці неабходныя звесткі ў энцыклапедычных выданнях, разгадаць філворд, пазнаёміцца з радавым гербам, скласці вершаваны радок, “выдаць” ЛЕГА-вокладку першага зборніка Янкі Купалы і нават стварыць афішу з дапамогай камп’ютарнай графікі.

У апошні дзень тыдня  беларускай мовы і літаратуры ў школе стартаваў анлайн-конкурс сямейнага відэа “Паэзіі радок чароўны”, у якім прынялі ўдзел не толькі вучні, але і іх сем'і. У сацыяльнай сетцы Instagram у выкананні сям'яў Алісіевіч, Дземідзенка і Матукевіч прагучалі вершы класікаў. Найбольшую колькасць галасоў набрала сям'я Алісіевіч.

grodroo.by © 2022 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика