Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

Падарожжа ў мінулае: вучні Азерскай школы наведалі Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей

Выхаванне патрыятызму пачынаецца з маленства. Вывучэнне гісторыі роднага краю, традыцый нашых продкаў садзейнічаюць станаўленню першых парастачкаў нацыянальнай свядомасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

         Часта вучні задаюцца пытаннем: “А як жа яны жылі, нашы продкі?” Канечне, можна зазірнуць у Інтэрнэт і знайсці адказы на ўсе свае пытанні. Але відавочна, што куды лепш пабачыць усё сваімі вачыма. Экскурсійная работа дапамагае дасягнуць гэтай мэты.

         Вучні 3 класа Азерская сярэдняй школы з цікавасцю чакалі паездку ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей Гродзенскай вобласці. Магчымасць “дакрануцца да мінулага”, даведацца пра быт продкаў, пра іх заняткі нікога не пакінула абыякавым.

         Напачатку вучні пазнаёміліся з такім заняткам, як ткацтва. Вялікія кросны адразу прывабілі да сябе позіркі дзяцей. Паназіраўшы за працэсам стварэння дывана, многім самім захацелася паспрабаваць гэтую справу. Дзецям прадэманстравалі вырабы ткацтва, якім ужо больш за сто год, а таксама паказалі ўвесь працэс стварэння ткацкіх вырабаў – ад нажніц, якімі стрыгуць воўну,  да чаўнака, які жвава перамяшчаецца па кроснах.

Не менш цікавым быў і аповед пра вырошчванне лёну. Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу адзначылі, што прыгожыя сінія кветачкі можна ўбачыць на гербе, дзяржаўным сімвале Беларусі. Усім стала зразумела, чаму. Працэс вырошчвання, збору і апрацоўкі складаны. Працавітасць, стараннасць і майстэрства беларускіх людзей – гэта тое, чым можа ганарыцца кожны з нас.

У этнаграфічным аддзеле музея “Хатка ХІХ ст.” можна было ўбачыць умовы, у якіх жылі, выхоўвалі дзяцей, працавалі і адпачывалі нашы продкі. Зайсці ў хатку было не проста так, а толькі пасля таго, як вучні адгадалі беларускія загадкі, праспявалі беларускую песню, станцавалі, а таксама паўдзельнічалі ў розных конкурсах. Вось так, непрыкметна, дзеці папоўнілі слоўнік беларускіх слоў. Самі стараліся гаварыць на беларускай мове, тым самым сталі крыху бліжэй да думкі аб тым, што кожны беларус павінен ведаць і любіць родную мову.

У самой хатцы дзеці дзівіліся таму, як вялікія сем’і маглі размяшчацца ў такім невялікім памяшканні. Маленькія акенцы, гліняная падлога, вялікая печ, калыска для дзіцяці, лавы,чырвоны кут… Эксурсавод цікава расказвала пра быт продкаў, а дзеці адзначалі для сябе простыя правілы жыцця: павага да бацькі, дапамога маці, клопат пра маленькіх і г.д. Гасціннасць, ашчаднасць, мудрасць і шчодрасць беларусаў кранаюць кожнага.

Час праляцеў непрыкметна. На выхадзе, прысеўшы на лаўку каля хаткі, дзеці дзякавалі за цікавы аповед. А ў сэрцы кожнага маленькага беларуса, наведаўшага музей у Гудзевічах, застаўся аганёк павагі да сваёй спадчыны.

 

А.В.Будзько, настаўнік пачатковых класаў 

        

grodroo.by © 2022 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика