Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

Накіроўвае і сілкуе абуджэнне вучня

Анатоль Аўсейчык, як сапраўдны гуру, перадае веды, накіроўвае і сілкуе абуджэнне вучня. Упэўнена, тыя, хто знаёмы з гэтым настаўнікам фізікі, астраноміі і тэхнічнай працы з Адэльскага ясляў-сада — сярэдняй школы Гродзенскага раёна, пагодзяцца са мной. А для тых, хто не ў курсе, дадам: Анатоль Аляксандравіч пастаянна знаходзіць матывацыю вучыць і вучыцца. Ён вельмі цікаўны і прагрэсіўны педагог, які заўсёды шчодра дзеліцца сваімі метадычнымі, педагагічнымі і чалавечымі здабыткамі. 

“Я пастаянна ў пошуку, у вучобе, увесь час займаюся самаадукацыяй. Штогод праходжу курсы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1995 года ўдзельнічаю ў Рэспубліканскім летніку настаўнікаў у Альхоўцы Астравецкага раёна. За маімі плячыма ўжо 25 гадоў напружанай працы па падрыхтоўцы і арганізацыі работы летніка ў складзе аргкамітэта”, — адзначае Анатоль Аляксандравіч. 

І гэта сапраўды так. Педагог шмат гадоў развівае тэму школьных даследаванняў па фізіцы. Па яго меркаванні, даследчая дзейнасць патрабуе працы настаўніка і вучня ў тандэме, што зніжае эмацыянальную нагрузку на дзіця. Такая навуковая калабарацыя прыносіць плён. Так, настаўнік і яго вучні прыдумалі і стварылі шмат карысных прылад. Напрыклад, гальванічны элемент, які зроблены на аснове бульбянога пюрэ, сонечную батарэю — са старых магутных транзістараў, партатыўную зарадку, якая працуе ад механічнай энергіі рукі чалавека. 

Акрамя таго, педагог разам з вучнямі правёў даследаванне тэмпературнай залежнасці хуткасці распаўсюджвання гукавых хваль у газе праз іх візуалізацыю з дапамогай трубы Рубенса. Да іх ніхто гэтую тэмпературную залежнасць не шукаў, а Анатоль Аляксандравіч разам са сваім выхаванцам выкарысталі сучасны датчык тэмпературы і адпаведныя камп’ютарныя праграмы і ў выніку наглядна паказалі, як мяняецца (узрастае) хуткасць гуку, што трэба ўлічваць пры будове газаправода. 

Навучэнцы Анатоля Аляксандравіча заваёўваюць дыпломы як на абласных навукова-практычных канферэнцыях, так і на конкурсах рэспубліканскага ўзроўню. Падчас кожнага ўдзелу ў абласным конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Крышталёвая Альфа” яны атрымлівалі дыпломы І, ІІ ці ІІІ ступені. На конкурсах “Тэхнаінтэлект” і “Таленты XXI стагоддзя” таксама заўсёды былі дыпломы. Вось і ў лютым гэтага года вучні Анатоля Аляксандравіча заваявалі 4 першыя месцы на раёне і 3 другія на абласным этапе.

Прага да ўсяго новага дапамагла настаўніку стаць у свой час магістрам педагагічных навук, пасля — трапіць на адронны калайдар і павучыцца ў Навуковай школе для настаўнікаў фізікі ў СЕRN (Еўрапейская арганізацыя ядзерных даследаванняў, Жэнева). Каля 15 гадоў Анатоль Аляксандравіч з’яўляецца членам творчай групы настаўнікаў фізікі ў АПА, з 1998 года чытае лекцыі і праводзіць майстар-класы для калег як у сваёй вобласці, так і на ўзроўні рэспублікі. А нядаўна Анатоль Аўсейчык стаў настаўнікам-метадыстам і па выніках работы за 2020 год прызнаны райвыканкамам лепшым настаўнікам Гродзенскага раёна. Быць адзначаным сярод амаль 500 калег свайго раёна вельмі ганарова. Віншуем!

“На арганізацыю маіх урокаў і ў цэлым на педагагічную дзейнасць вельмі моцна паўплывалі мастадонт педагагічнай і метадычнай думкі Іван Мікалаевіч Запрудскі і курсы ў Альхоўцы. Я і сам працую з настаўнікамі. Вучу педагогаў, як арганізоўваць праектную і эксперыментальную дзейнасць навучэнцаў. 

На ўроках у мяне ў прыярытэце не інфармацыйна-прадметны складнік, а развіццёвы, што дае дзецям больш, чым звычайны ўрок звычайнай фізікі. Фізікамі, зразумела, будуць далёка не ўсе. Гэтага і не трэба. Важна навучыць дзіця сродкамі прадмета развівацца. У мінулым годзе ў мяне з пяці выпускнікоў чацвёра займаліся на павышаным узроўні і здавалі ЦТ па фізіцы.  Дык вось, яны паказалі вынік вышэйшы за сярэдні ў вобласці”, — адзначыў настаўнік.

Дарэчы, асабісты ўклад Анатоля Аляксандравіча ў рэйтынг школы складае больш за 40%.

Вялікае значэнне педагог надае інфармацыйным тэхналогіям. Яго першы ўрок з камп’ютарнай падтрымкай прайшоў яшчэ ў 1998 годзе. Анатоль Аляксандравіч — адзін з першых сельскіх настаўнікаў у нашай краіне, які пачаў выкарыстоўваць на ўроках камп’ютар. Асвоіўшы яго і першыя праграмы, ён узяўся вучыць калег. Сёння ў метадычным арсенале педагога вялікая колькасць рэсурсаў, якія дапамагаюць арганізаваць якаснае навучанне на ўроку анлайн і афлайн. Тым не менш настаўнік пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, таму яго вучні штодня атрымліваюць новыя карысныя спасылкі.

Вялікай падмогай для Анатоля Аляксандравіча стаў мультыборд, які школа атрымала ў рамках дзяржаўнай праграмы. “Гэты мультыборд з добрым праграмным забеспячэннем і напаўненнем высокай якасці, а пастаянны доступ да сеткі інтэрнэт дае магчымасць глядзець навучальныя фільмы і відэадэманстрацыі не толькі па фізіцы і астраноміі, але і па іншых прадметах”, — заўважыў настаўнік.

Значнае месца ў метадычцы Анатоля Аляксандравіча займае праектнае навучанне. Так, менавіта тое праектнае навучанне, якое было папулярным у 30-х гадах мінулага стагоддзя. На думку педагога, вучэбны праект пачынаецца з цікавасці вучня і практычнай накіраванасці праекта. Зразумела, што апошняму аспекту ўдзяляецца асаблівая ўвага. 

Напрыклад, пераносны сонечны канцэнтратар. Геліяканцэнтратар зроблены са спадарожнікавай талеркі, якую абклеілі сонцаахоўнай люстраной плёнкай. Ноу-хау — жалезны “цеплавы блін” масай 780 г, замацаваны на штанзе. Сонечныя промні адбіваюцца ад паверхні канцэнтратара і факусіруюцца на імправізаванай “пліце”. Паставіўшы на яе, напрыклад, чайнік, каструлю ці патэльню, можна хутка нагрэць ваду або згатаваць ежу. Паклаў такую ўстаноўку ў багажнік аўто — і едзь на рыбалку, дачу або загарадны адпачынак. Нягледзячы на тое, што ў свеце існуюць аналагі пераўтваральніка энергіі сонца для бытавога выкарыстання, у прататыпа ад адэльскіх рацыяналізатараў ёсць адна перавага: ён непараўнальна таннейшы за замежныя ўзоры. 

Падчас здачы кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст” Анатоль Аляксандравіч абараняў працу “Развіццё праектных і даследчыцкіх кампетэнцый вучняў на аснове выкарыстання адукацыйнага патэнцыялу прыроднага і тэхнічнага акружэння сельскай школы”. У інфармацыйным блоку настаўнік адзначыў: “Аналізую работу ў школе з пазіцыі свайго шматгадовага педагагічнага вопыту і лаўлю сябе на думцы, што ў мінулым стагоддзі школьныя прадметы прыродазнаўчанавуковай накіраванасці былі для навучэнцаў больш прывабнымі. А фізіка наогул была для іх нейкім цудам, таму што доследы, якія праводзілі на ўроку настаўнік і самі навучэнцы, выклікалі ў іх самыя яркія ўражанні. Цяпер у адукацыйным працэсе праяўляюцца шматлікія супярэчнасці”. 

І гэта сапраўды так. З аднаго боку, на рынку працы запатрабаваны спецыялісты з тэхнічнай адукацыяй, а з другога — у многіх вучняў нізкі ўзровень цікавасці да фізікі. З аднаго боку, педагогі разумеюць значнасць праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў для фарміравання ў іх жыццёва важных кампетэнцый, а з другога — абмежаваны магчымасці для яе арганізацыі на вучэбных занятках па прадмеце. 

Акрамя таго, у вучэбных праграмах дамінуюць тэарэтычныя веды і ў той жа час існуе неабходнасць узмацняць практычную накіраванасць адукацыйнага працэсу. З аднаго боку, у прыроднага і тэхнічнага акружэння сельскай школы вялікі адукацыйцны патэнцыял, а з другога — існуюць цяжкасці з яго ўключэннем у традыцыйны адукацыйны працэс.

Усведамленне гэтых супярэчнасцей дазволіла Анатолю Аляксандравічу сфармуляваць праблему: якія ёсць магчымасці ў настаўніка фізікі сельскай школы для паспяховага фарміравання ў навучэнцаў праектных і даследчыцкіх кампетэнцый і як іх рэалізаваць у выкладанні фізікі?

“Сапраўды, гэта рэальная праблема. Бо трэба дасягнуць высокага ўзроўню выканання навучэнцамі патрабаванняў вучэбнай праграмы ва ўмовах сельскай малакамплектнай школы і пры гэтым фарміраваць асобу навучэнца, развіваць у яго цікавасць да вучэння, навыкі зносін, крэатыўнасць, уменне працаваць з інфармацыяй, арыентаваць яго на выбар прафесіі, запатрабаванай побач з домам. Мой вопыт паказаў, што выкананне гэтых задач спрашчаецца, калі ў поўнай меры выкарыстоўваць тое, што дае сельскаму школьніку яго прыроднае і тэхнічнае асяроддзе, а таксама праектная і даследчая дзейнасць на матэрыяле прыроды і тэхнікі”, — адзначыў настаўнік. 

Вынаходкі Анатоля Аляксандравіча, якія ён прадстаўляе разам са сваімі вучнямі, — яркі доказ эфектыўнасці іх праектнай і даследчай дзейнасці на матэрыяле прыроды і тэхнікі. 

З апошніх навукова-тэхнічных дасягненняў педагога і яго вучняў — апарат кропкавай зваркі, але не просты. “Здаецца, усе іх робяць, усім вядома іх элементная база. Таму каб надаць новае гучанне гэтаму апарату і зацікавіць дзяцей, мы вырашылі дабавіць новыя функцыі: крыніцу пераменнага току на 12 вольт і зарадку для сотавага тэлефона, якую ўманціравалі асобным гняздом. Цяпер, калі апарат прастойвае, яго можна выкарыстоўваць або для зарадкі тэлефона, або для праверкі лямпачак, напрыклад”, — расказаў Анатоль Аляксандравіч.

Ну а непасрэдна цяпер педагог з вучнямі займаюцца стварэннем асяроддзя для абеззаражвання. Высакавольтны разрад дае магчымасць выпрацоўваць азон, які валодае магутнымі акісляльнымі ўласцівасцямі. Гэтую асаблівасць азону выкарыстоўваюць у прамысловасці, калі патрабуецца ачысціць памяшканне. У азону вельмі хуткі працэс рэгенерацыі (аднаўлення), калі О3 вельмі хутка пераходзіць у О2 і адкідаецца адзін атам.

“Што прыдумалі мы? Азон забівае ўсе вірусы і бактэрыі. І мы падумалі, што калі накіроўваць струмень азону з адмысловага апарата, які мы ўжо сканструявалі, у асобную ёмістасць, то ў ёй можна абеззаражваць, напрыклад, медыцынскія маскі. 10 хвілін — і вашы маскі будуць апрацаваны. На іх не застанецца ніякага паху, і калі вы выпадкова зачапілі нейкі вірус, то падчас апрацоўкі ён загіне.

Гэты азанатар дапаможа падрыхтаваць, напрыклад, яблыкі да захоўвання. Змяшчаеце ў ёмістасць яблыкі на 10 хвілін, дастаяце іх, і яны будуць захоўвацца без рызыкі з’яўлення гнілі. Прыблізна гэтак жа можна апрацоўваць вопратку, абутак, салон машыны, калі ў ім ёсць непрыемныя пахі.

Дзеці дапамагаюць шукаць складовыя часткі для прыбораў, разам працуем над схемамі. Акрамя таго, паралельна вывучаецца тэорыя, бо фізічны складнік праекта, які распрацоўваецца, вельмі важны. Напрыклад, разбіраем, які адбываецца ў прыборы газавы разрад: дугавы, каронны?”, — падзяліўся настаўнік. 

“Якім жа сёння павінен быць настаўнік?”, — спытала я ў канцы размовы.

“Настаўніку сёння, як ніколі, неабходна валодаць арганізатарскімі, лідарскімі кампетэнцыямі, якія дапамогуць яму на практыцы рэалізоўваць свае веды, любіць дзяцей, бачыць у іх сваіх паплечнікаў у дасягненні сумесна пастаўленых мэт. Настаўніку неабходна быць ініцыятарам у многіх справах, у тым ліку ў такой вялікай справе, як атрыманне кваліфікацыі  “настаўнік-метадыст”. Спачатку я ўсвядоміў, што мне трэба ім стаць, таму што я гэтага варты, у мяне ёсць вопыт, і толькі тады з’явілася наступная думка: я не маю права ленавацца і ўсякімі адгаворкамі адцягваць здачу кваліфікацыйнага экзамену, я абавязаны сабраць усю волю ў кулак і дасягнуць сваёй мэты.  

Настаўнік — гэта і выхавальнік. Ад мяне ў не меншай ступені, чым ад сям’і, залежыць фарміраванне светапогляду ў маіх вучняў, патрыятызму і іншых каштоўнасцей. Настаўнік — праваднік дзяцей не толькі ў свет ведаў, уменняў і навыкаў, але і ў свет, у якім кожнае дзіця становіцца адказным за свае ўчынкі, дзеянні, рашэнні; дзе становіцца сапраўдным грамадзянінам і патрыётам, чалавекам, рукамі, сэрцам і розумам якога будзе стварацца будучыня нашай краіны”, — рэзюмаваў Анатоль Аўсейчык.

grodroo.by © 2022 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика