Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

ГЭТА ЦІКАВА

Многія з нас хацелі б пачуць галасы сваіх продкаў, даведацца, пра што думалі, аб чым марылі ў старажытнасці пакаленні беларусаў, што яны любілі, чаго баяліся, каго паважалі і што хацелі б расказаць нам, сваім нашчадкам. Гэта магчыма дзякуючы старадаўнім тканым і вышываным вырабам, якія захаваліся да нашага часу. Калі ўважліва прыгледзецца да чароўных узораў, то ў іх шмат чаго можна “прачытаць”. Арнамент – гэта своеасаблівая кніга народнай мудрасці. У пасланнях нашых продкаў сканцэтраваны просьбы, мары, надзеі, добрыя пажаданні родным і блізкім, адчуванні шчасця ці смутку і многае іншае.

У кожным вытканым сантыметры тканіны, у кожным шыўку ўзору быў заключаны глыбокі сэнс. У старажытныя часы лічылі, што арнамент ахоўваў ад ліха, быў зваротам да багоў, каб яны спрыялі ў жыцці, немясцовым распавядаў аб тым, якія людзі жывуць у той ці іншай мясцовасці і якая сістэма ўяўленняў пра свет пануе ў іх, ды ўвогуле дазваляў беларусам “выдзяляцца” сярод іншых народаў.

Традыцыйны беларускі арнамент

Беларускія тканіны маюць пераважна рытуальныя і эстэтычныя функцыі. У сваім дэкоры яны змяшчаюць адмысловую знакавую сістэму. Этнографы, культуролагі, мастацтвазнаўцы ў сваіх працах аналізуюць самыя розныя аспекты ўзнікнення і развіцця арнаментальнай традыцыі беларусаў. Поле даследаванняў навукоўцаў вельмі шырокае: ад палеалітычных выяў да дасканалых узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХХ ст.

Сімволіка

Трэба многа знаць,
Каб узор прачытаць.
Ці светлым сонцам,
Ці хатнім аконцам,
Ці вешчай кукушкай,
Ці мяккай падушкай,
Ці яркаю зоркай,
Ці ўдавою горкай,
Ці спорым святам,
Ці родным братам,
Ці роднай сястрыцай,
Ці светлай крыніцай,
Ці зарой-зараніцай,
Ці добрай маладзіцай,
Ці краснай дзявіцай,
Ці свежай вадзіцай
.

 (з кнігі “Беларускі арнамент” М.С. Кацар)

Народнае ткацтва – бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Што ні ўзор – то сімвал. Усе іх не пералічыць, але кожны ўзор мае сваё прызначэнне і назву. Яны могуць сімвалізаваць дабро і прыгажосць, даваць надзею і сілы, выказваць гонар за чалавека і яго працу, увасабляць любоў і павагу да сваіх продкаў і роднай зямлі.

Ткацтва – найбольш развітая галіна народнай творчасці ў Беларусі. Спрадвеку майстрыцы аздаблялі тканымі ўзорамі адзенне, сурвэткі, фіранкі, навалачкі, абрусы, посцілкі, дываны, ходнікі. У Беларусі незвычайна багатая спадчына ўзораў народнага арнаменту.

Мастацкія вырабы радуюць сваёй прыгажосцю. Эстэтычныя пачуцці былі ўласцівыя яшчэ нашаму далёкаму прашчуру. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, ён не толькі ствараў утылітарныя, патрэбныя ў побыце рэчы, але і ўпрыгожваў іх узорамі. Вырабы, створаныя народнымі майстрамі, увасабляюць у сабе вельмі багатыя традыцыі арнаментальнага мастацтва.

Ручнікі

На іх ад розных бед замовы,
Ва ўсе часы для нас яны –
Як сімвал матчынай любові,
Як знак людское дабрыні.

                             А. Нефрановіч

Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. У побыце беларусаў ручнік прысутнічаў не адно стагоддзе. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Папулярнасць ручніка нязменная, патрэба ў ім адчуваецца і ў нашы дні. Па-ранейшаму ён суправаджае чалавека ў найбольш важныя, пераломныя этапы яго жыццёвага шляху. Без традыцыйнага ручніка не абыходзяцца зараз і выставы народнага мастацтва, бо менавіта ручнік з найбольшай яркасцю ўвасабляе нацыянальныя рысы арнаментальнага мастацтва, высокае майстэрства ткацтва і вышыўкі.

Касцюм

Арнаментыка традыцыйнага беларускага касцюма надзвычай разнастайная і выразная. Але пры сваёй вонкавай дэкаратыўнасці яна прадстаўляе сабой складаную і мнагазначную з’яву народнай культуры. З аднаго боку, арнамент з’яўляецца найбольш яркай адметнай характарыстыкай кожнага стылістычнага напрамку ў мастацтве і дазваляе дакладна вылучыць беларускі народны касцюм сярод іншых культурных традыцый, больш поўна раскрыць асаблівасці нацыянальных строяў. З другога боку, наяўнасць арнаменту абмяжоўвае практычнае ўжыванне касцюма, але ўзвышае яго над паўсядзённасцю. Здольнасць надзяляць прадмет эстэтычнай значнасцю, ператвараць яго з прадмета быту ў прадмет мастацтва – асноўная характарыстыка арнаменту, якая вызначае яго як від мастацтва.

 Слуцкія паясы

       Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, –

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

Максім Багдановіч “Слуцкія ткачыхі”

Сапраўдным гонарам Беларусі, сусветнапрызнаным дасягненнем яе шматвяковай культуры з’яўляюцца слуцкія паясы. Вырабы ткацкай мануфактуры, якая працавала ў Слуцку ў другой палове XVIII – пачатку XIX стагоддзя, па праву лічацца найбуйнейшым здабыткам айчыннага і еўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Дзякуючы таленту і працы беларускіх ткачоў, склаўся характэрны від пояса, які атрымаў сусветную славу як слуцкі. Важным дасягненнем слуцкіх майстроў стала выкарыстанне ўнікальнай тэхнікі ткацтва, якая дазволіла ствараць чатырохбаковыя паясы з багатай арнаментацыяй і каляровай гамай з перавагай залаціста-жоўтых, аранжавых, ружовых, блакітных, зялёных, карычневых і чырвоных тонаў. Аўтараў малюнкаў узораў і арнаментаў натхнялі матывы квітнеючай роднай прыроды – блізкія іх сэрцу васількі, незабудкі, ружы, гваздзікі, півоні, кветкі і лісты канюшыны, галінкі дубоў і бяроз.

У сусветнай культуры слуцкія паясы маюць значэнне нацыянальнага сімвала Беларусі і ўвасобілі ў сабе мастацкі талент беларускага народа.

Папулярызацыя нацыянальнай культуры з’яўляецца ўсё больш распаўсюджанай практыкай у нашай краіне, таму тэма ўжывання беларускага традыцыйнага арнаменту ў сферы сучаснай нацыянальнай стылістыкі вельмі актуальная. Традыцыйны арнамент пранікае ў горад, у культурныя асяродкі, дзе становіцца нацыянальным сімвалам. Яго элементы прысутнічаюць у афармленні лагатыпаў, прамысловай упакоўкі, рэкламы, кніжных выданняў, адзення, прадметаў быту, інтэр’ераў і аб’ектаў гарадской архітэктуры.

У маладзёжных субкультурах можна ўбачыць суполкі “пераймальнікаў”, дзе маладыя людзі даследуюць аўтэнтычныя канцэпцыі традыцыйнай культуры, у тым ліку арнаменту. Арнаменты не толькі цытуюцца, але і ствараюцца нанова паводле іканаграфічных схем. Народныя ўзоры з’яўляюцца на майках, аздобе дыскаў, сайтаў, налепках, значках і г. д. Цікавую стылістычную плынь утварае арнаментальнае чырвонае тату.

Найбольш паспяховыя рашэнні ўжывання матываў традыцыйнага арнаменту выпрацоўваюцца пры сур’ёзным, глыбокім падыходзе і ўсведамленні самой прыроды гэтай унікальнай культурнай з’явы. Творчая асоба, дасведчаная ў гісторыі мастацтваў, разумее, што традыцыйны арнамент – рэч канцэптуальная. Таму ён можа стаць адпраўной кропкай і крыніцай натхнення для сучасных дызайнерскіх рашэнняў.

Цікавасць і своеасаблівасць сучаснай беларускай субкультурна-стылістычнай сітуацыі заключаецца ў тэндэнцыі, дзе такая праява, як арнамент, выступае ў моднай і моцнай пазіцыі.

 

grodroo.by © 2022 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика