Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

Абласны этап алімпіяды па беларускай мове і літаратуры стартаваў 11 студзеня

Удзел у ёй прымуць 936 навучэнцаў з усёй Гродзеншчыны. Самымі першымі іспытамі сталі беларуская мова і літаратура.

У гэтым годзе прадэманстраваць сваё веданне беларускай мовы і літаратуры пажадалі 68 вучняў з 14 раёнаў Гродзенскай вобласці. Дзевяцікласнікі прынялі ўдзел у алімпіядзе ўпершыню, таму, напэўна, больш хваляваліся. Сярод адзінаццацікласнікаў хапае юнакоў і дзяўчат, якія ўжо ўдзельнічалі ў мінулагодніх абласных этапах. Дарэчы, ужо другі год запар алімпіяда па беларускай мове і літаратуры праводзіцца па новай сістэме: адмянілі вусныя адказы, і засталіся 2 іспыты – водгук на твор у першы дзень і комплексная работа з заданнямі па мове і літаратуры на другі.

У гэтым годзе абласны этап алімпіяды па 18 прадметах распачаўся 11 студзеня. Беларуская мова і літаратура  – першыя ў спіску, і гэта адзіны іспыт, які праводзіцца не ў Гродна, а на базе Скідзельскага прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя.

 – Традыцыйна штогод у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры ўдзельнічаюць не менш чым 60 навучэнцаў. Адбіраюцца яны рэйтынгава, і таму, зразумела, гэта наймацнейшыя прадстаўнікі. Многія з гэтых юнакоў і дзяўчат потым выбіраюць сваёй прафесіяй філалагічны накірунак, нават калі не беларускую мову, то, напрыклад, журналістыку, – распавяла старшыня прадметнага аргкамітэта, метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Гузава.

Ужо 14 студзеня журы алімпіяды – а гэта настаўнікі вобласці і выкладчыкі філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта – абвесціць вынікі. 15 лепшых навучэнцаў будуць прадстаўляць Гродзенскую вобласць на завяршаючым рэспубліканскім этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

grodroo.by © 2021 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика