
І жыў Паэт…Жыве Паэт!
Кароткі шлях жыцця яго
Адкрыў прасцяг нам да ўсяго.
Максім, з табой мы выйшлі ў свет.
Пазнаўшы шмат нястач і бед,
“Вянок” вяртаецца да нас,
Нібы паэтава вясна.
Рандо, санет і трыялет –
Ад слоўца к слоўцу скарб святы
Нясеш, як сонца, залаты.
Шануем, любім, не забудзем
І кожны зберажом радок.
Хай Бог суддзёй усім нам будзе,
А напамінам – твой “Вянок”
Кацярына Салаўёва
Максім Багдановіч...
Кароткі быў яго жыццёвы век. Ён вымяраецца дваццаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа — закончыў. І можа, таму, што прадчуваў блізкую развязку, спяшаўся, працаваў не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творы.
У яго не было зацягнутага перыяду вучнёўства. Пра сябе як паэта ён заявіць адразу і адразу ж упэўненай хадой пойдзе наперад, пераадольваючы цяжкасці. А іх было нямала.
Толькі пяць гадоў жыў ён на Беларусі. Астатняе жыццё прайшло па-за яе межамі. Таму родную мову, на якой рашаецца тварыць, давядзецца вывучаць па бацькавых этнаграфічных запісах ды па кнігах. І наперакор вялікадзяржаўным скептыкам, якія не прызнавалі за беларускай мовай яе самастойнасці, дакажа, што яна ніколькі не бяднейшая і не горшая за іншыя мовы, што ёй падуладны ўсе віды і жанры, зведаныя і асвоеныя высокаразвітымі літаратурамі, і што на ёй можна паспяхова перадаваць найтанчэйшыя адценні чалавечых пачуццяў.
Давядзецца пераадольваць і такую спадчынную цяжкасць, як туберкулёз. Хвароба, якая на нейкі час зрэдку прытухала, ніколі не пакідала яго і давала адчуваць сябе.
Якія ж трэба было мець тытанічную сілу волі і мужнасць, каб, будучы хворым, адважыцца і на літаратурны подзвіг. Бо тое, што рабіў ён, інакш, як літаратурным подзвігам, і не назавеш. Упарта і няспынна высякаў ён са сваіх слабых грудзей гарачы агонь пачуццяў. Тварыў, памятаючы самім ім вызначаны беларускай літаратуры запавет: несці не толькі роднаму народу, але і «ўсясветнай культуры свой дар».
І як жа шчыра радаваўся, калі бачыў, што гэты дар з кожным годам усё большаў і большаў, што цяпер ужо «не трэба... ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх».
Прырода надзяліла яго шматгранным талентам, дазволіла паспяхова праявіцца як паэту і празаіку, перакладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было ўзорам высокага служэння роднай літаратуры, роднаму народу. І гэтым ён будзе таксама радаваць, вабіць і здзіўляць нас.