Яндекс.Метрика
Регистрационный номер: 4141101368

Што хвалюе педагогаў?

Па даных статыстыкі, сярэднямесячная заработная плата за студзень—кастрычнік бягучага года ў галіне адукацыі склала 852,7 рубля, або 69,6 % ад узроўню сярэдняй заработнай платы ў краіне (1224,5 рубля). У педагагічных работнікаў сярэдні заробак за гэты перыяд склаў 979,1 рубля, або 80 % ад сярэдняга заробку па краіне: у тым ліку ў настаўнікаў — 1030,1 рубля, або 84,1 % і ў прафесарска-выкладчыцкага саставу — 1492,1 рубля, або 121,9 % ад сярэдняга заробку па краіне. За дзевяць месяцаў рост намінальнай налічанай заработнай платы склаў 105,9 %, а рэальнай — 101,1 %. Гэтыя лічбы былі агучаны падчас пленума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Новая сістэма аплаты

Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, у верасні 2020 года ў параўнанні са снежнем 2019-га склаў 104,7 %. Такім чынам, рост намінальнай заработнай платы ў галіне адукацыі пакрывае толькі рост цэн на тавары і паслугі, а рэальнай — яшчэ ніжэйшы…

— З 1 студзеня бягучага года ў краіне дзейнічае новая сістэма аплаты працы работнікаў бюджэтных галін, якая спачатку выклікала нямала пытанняў, — канстатавала старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна ЯКУБОВІЧ. — Для аператыўнага рэагавання на іх з 23 студзеня да 28 лютага мы арганізавалі «гарачую лінію», падчас якой было разгледжана больш як 300 зваротаў работнікаў адукацыі, якія датычыліся памераў налічанай заработнай платы. Усе яны правяраліся з выхадам на месца, і факты зніжэння заработнай платы не пацвердзіліся. Гэта вельмі важны момант, бо яшчэ на этапе распрацоўкі новай сістэмы аплаты працы пазіцыя галіновага прафсаюза і Міністэрства адукацыі была адзіная — не дапусціць зніжэння памераў заработнай платы ў работнікаў нашай сферы. Маніторынг выканання дзеючага заканадаўства па аплаце працы працягвеюцца.

Таццяна Якубовіч паведаміла, што ў ходзе сустрэч кіраўнікоў тэрытарыяльных арганізацый з калектывамі быў складзены пералік праблемных пытанняў, якія ёсць на месцах. Усе яны былі накіраваныя ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства адукацыі.

Так, у прыватнасці, была ўнесена прапанова па ўмацаванні тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў шляхам перагляду базавай стаўкі ў бок павелічэння для таго, каб узровень заработнай платы быў не ніжэйшы за мінімальную заработную плату. З 1 студзеня 2020 года заработная плата, ніжэйшая за мінімальную заработную плату, на жаль, засталася ў арганізацыях сістэмы адукацыі, прычым не толькі ў абслуговага персаналу.

Працягласць адпачынкаў

Застаюцца праблемнымі таксама пытанні прафесійнага пенсійнага страхавання педагагічных работнікаў. Для іх вырашэння патрабуецца перагляд Пераліку ўстаноў, арганізацый і пасад, а таксама крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы педагагічных работнікаў для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання.

Цяпер у Пераліку засталіся пасады настаўнікаў, выхавальнікаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў-дэфектолагаў, выкладчыкаў і бацькоў-выхавальнікаў. Выйсці на датэрміновую прафесійную пенсію можна пры ўмове ажыццяўлення педагагічнай дзейнасці ў аб'ёме не менш за 18 гадзін у тыдзень (не менш за 20 гадзін у тыдзень — для настаўнікаў-дэфектолагаў), выканання арганізацыйна-выхаваўчай работы і ажыццяўлення дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў. Зыходзячы са спецыфікі навучальных прадметаў немагчыма выканаць крытэрый — ажыццяўленне дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў — настаўнікам працоўнага навучання, музыкі і спеваў, фізічнай культуры і здароўя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Службовымі абавязкамі выхавальнікаў школ, школ-інтэрнатаў, настаўнікаў-дэфектолагаў не прадугледжана выкананне арганізацыйна-выхаваўчай работы і ажыццяўленне дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў.

— Намі таксама прапанавана вярнуцца да разгляду пытання па вяртанні ранейшай працягласці працоўных адпачынкаў (42 каляндарныя дні) педагагічным работнікам устаноў дадатковай адукацыі, метадычных службаў, прафесарска-выкладчыцкаму саставу і педагагічным работнікам устаноў дадатковай адукацыі дарослых з мэтай недапушчэння адтоку высокакваліфікаваных спецыялістаў з гэтых пасад і павышэння іх сацыяльнага статусу, — падкрэсліла Таццяна Якубовіч.

З мэтай замацавання на месцах выпускнікоў і задавальнення патрэб эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых і служачых галіновым прафсаюзам была ўнесена прапанова аб вызваленні маладых спецыялістаў ад выплаты падаходнага падатку на перыяд абавязковай адпрацоўкі або зніжэнні стаўкі падатку да 50 %.

Гарантыі падаўжэння кантрактаў

Сістэматычна, як правіла, два разы на год (па стане на 1 красавіка і 1 лістапада) ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ладзіць маніторынг прымянення кантрактнай формы найму, падчас якога асаблівая ўвага аддаецца заключэнню кароткатэрміновых кантрактаў. Па стане на 1 лістапада кантрактнай формай найму было ахоплена 89,1 % ад агульнай колькасці работнікаў у галіне. У параўнанні з красавіком колькасць кантрактаў, заключаных тэрмінам на адзін год, зменшылася на 0,7 % і на пачатак бягучага месяца згаданы паказчык складае 73 324, або 21,5 % ад агульнай колькасці заключаных кантрактаў.

Як правіла, кароткатэрміновыя кантракты прымяняюцца да работнікаў, зноў прынятых на работу, пераведзеных на іншую пасаду (прафесію), або да асоб, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, а таксама па пісьмовых заявах альбо са згоды саміх работнікаў.

Таццяна Якубовіч падкрэсліла, што ў мэтах абароны інтарэсаў работнікаў і зніжэння колькасці кароткатэрміновых кантрактаў Галіновае пагадненне з Міністэрствам адукацыі на 2019—2022 гады прадугледжвае пэўныя гарантыі, якія знаходзяць адлюстраванне ва ўсіх абласных і Мінскім гарадскім пагадненнях.

Улічваючы, што ініцыятыва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па пашырэнні гарантый падаўжэння кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі падтрымана і з 28 студзеня 2020 года замацавана на заканадаўчым узроўні, работа ў гэтым кірунку патрабуе далейшай пільнай увагі, у тым ліку пры ажыццяўленні прафсаюзнымі арганізацыямі грамадскага кантролю.

Як заўважыла Таццяна Якубовіч, у бягучым годзе ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй вялікая частка прафсаюзных сродкаў была накіравана на падтрыманне здароўя членаў прафсаюза. Яго арганізацыйныя структуры з красавіка да кастрычніка ўключна выдаткавалі на гэтыя мэты амаль 2,4 мільёна рублёў, з іх 645 267 рублёў — на набыццё сродкаў аховы, бескантактавых тэрмометраў, сродкаў асабістай гігіены, сродкаў дэзынфекцыі, дазатараў і іншае. Таксама членам прафсаюза была аказана матэрыяльная дапамога на суму 1,7 мільёна рублёў (яе атрымалі 30 834 чалавекі).

Надбаўкі і даплаты

Намеснік міністра адукацыі Сяргей РУДЫ, які прыняў удзел у пленуме, праінфармаваў, што ўрадам краіны распрацаваны падыходы па паэтапным павышэнні заработнай платы педагагічных работнікаў да 2025 года. Яны былі падтрыманы кіраўніком дзяржавы. Плануецца, што да 2025 года сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў вырасце да 100 працэнтаў ад узроўню сярэдняй заработнай платы па краіне, а прафесарска-выкладчыцкага саставу — да 150 працэнтаў.

Цяпер падрыхтаваны праект пастановы, згодна з якой плануецца павышэнне акладаў выхавальнікам устаноў дашкольнай адукацыі і памочнікам выхавальнікаў. Таксама падрыхтаваны праект дакумента, які прадугледжвае перагляд надбавак і даплат розным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі.

Ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі працягваюць функцыянаваць. Па словах Сяргея Рудага, з улікам спецыфікі сённяшняга дня Міністэрства адукацыі накіравала на месцы рэкамендацыі па дадатковым стымуляванні педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць дадатковую работу з навучэнцамі, што не наведваюць установы адукацыі.

Источник

Надзея НІКАЛАЕВА

grodroo.by © 2022 Все права защищены
Mы в соцсетях:
Регистрационный номер: 4141101368
Яндекс.Метрика